Гучы роднае слова
22 мая вучні гімназіі былі запрошаны ў раённую цэнтральную бібліятэку, дзе, адбылася творчая сустрэча з паэтамі Гомельшчыны.
Гэта сустрэча праходзіла ў рамках дзяржаўнага свята - Дня беларускага пісьменства, якое мае на мэце захаванне нашай гістарычнай спадчыны, ушанаванне продкаў-асветнікаў, жыццё якіх было прысвечана развіццю і памнажэнню духоўнага багацця нашага народа, сучасных творцаў роднага слова, якія захоўваюць слаўныя традыцыі беларускага пісьменства.
На гэтым свяце прысутнічалі сапраўдныя майстры слова: наш паэт- зямляк Міхаіл Болсун, Ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна, і Лілія Вялічка, член саюза пісьменнікаў Беларусі, якая працуе рэдактарам раённай газеты “Маяк”.
Чачэршчына, як разгорнутая кніга. У яе палёў-лясоў пазычыў сілу не адзін дзесятак творчых, таленавітых людзей. Яны пішуць кнігу ўласнай краіны, кожная старонка якой для нас - адкрыццё і ўрок сумленнага служэння слову, адукацыі, нацыянальнай культуры.
Гэтыя людзі жывуць побач з намі, але, мабыць, яны нейкія іншыя, бо бачаць больш за нас, турбуюцца пра лёс народа, мовы.
Вялікі дзякуй нашым паэтам, няхай родная мова акрыляе іх паэтычны талент і заўсёды натхняе на творчасць.