На ўроку роднай мовы: кожны вучань у творчым пошуку
У сярэднім школьным звяне, калі вядзецца навучанне напісанню сачынення (аднаму з самых цяжкіх відаў працы, на маю думку,) групавая праца таксама шмат у чым дапамагае вучням.
Звычайна на дошку вывешваюцца табліцы з асноўнымі патрабаваннямі да напісання сачынення, а вучні ў групах прадумваюць, якім можа быць уступ, што павінна ўключаць у сябе асноўная частка і заключэнне, што можа паслужыць асноўнай думкай сачынення і г.д.
Праз адпаведны час вучні зачытваюць, што ў іх атрымалася, аналізуюць. Яны вучацца такім чынам пазітыўна ацэньваць працу іншых і карэктна не згаджацца з чыёйсьці думкай, пакідаючы права кожнаму мець сваё меркаванне.
На пачатку былі перасцярогі, што атрымаецца 22 сачыненні, падобныя як дзве кроплі вады. Але такога не здарылася. Дзеці хочуць, каб іх паважалі. Яны захапіліся працай на ўроку, паверылі ў тое, што могуць прыдумаць самі нешта цікавае, падабраць патрэбныя аргументы для доказу пэўнай думкі. Яны ведаюць, як гэта рабіць. І робяць. Адны лепш, іншыя горш. Але робяць усе. Сачыненне – работа творчая, якая дае магчымасць вучням яшчэ глыбей зазірнуць на праблему, выказаць свой асабісты пункт погляду, падвесці рыску ў сваім разважанні, зрабіць выснову і параіць нешта іншым. Паступова знікае неабходнасць у калектыўнай працы. Дзеці могуць пісаць сачыненні самі. На адным з такіх урокаў вучні стварылі сапраўдныя лісты-пяшчоты. Вось прыклады такіх сачыненняў:
Мама, мамачка, матуля – найдаражэйшыя словы на свеце. Што можа быць больш святое, чым слова маці? Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, дарослага – маці – самы родны, самы дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё.
Маю матулю завуць Святлана. Яе імя вельмі падыходзіць ёй, таму што яна светлавалосая і з блакітнымі вачыма. Добры, ласкавы позірк і зграбная постаць. На свята маці гатуе розныя ласункі і прысмакі. У маёй мамы самыя добрыя і ласкавыя рукі.
Здаецца мне, што ніхто не ўмее так, як мая маці, перажываць і хвалявацца за мяне. Так, як маці, ніхто мяне не разумее. Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе. Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе. І я заўсёды буду любіць сваю матулю. Ніхто не заменіць мне самую лепшую ў свеце мамачку маю.
Капусцін Вадзім, вучань 8 “Б” класа
Самае цудоўнае слова на зямлі – мама. Гэта першае слова, якое вымаўляе чалавек. І гучыць яно на кожнай мове аднолькава прыгожа і пяшчотна. Маці – самае лепшае, што ёсць у маім жыцці. Яна мяне нарадзіла, выхаджвала, начамі не спала, корміць, апранае, выхоўвае.
У маёй мамы добрыя карыя вочы, у якіх пабліскваюць маленькія сонечныя агеньчыкі-іскрынкі; тонкія чорныя бровы; пяшчотны ласкавы пагляд; тонкі гнуткі стан; зграбная постаць.
У маёй матулі добрыя і ласкавыя рукі. Яны ўсё ўмеюць. Калі заходзіш у кватэру, заўважаеш, якая руплівая і дбайная гаспадыня цябе сустракае.
Апранаецца мама звычайна сціпла, проста, але з густам. Як бы яна ні апраналася, я заўсёды здагадваюся, што гэта мая маці.
Маці – мой самы лепшы сябар і дарадчык. З ёю можна падзяліцца сваімі сакрэтамі і няўдачамі. Яна дапамагае мне і ў цяжкую хвіліну.
Слова маці незвычайнае, святое. І ў любым узросце я буду любіць сваю маму – самую лепшую ў свеце – за яе пяшчоту і дабрыню.
Крутаў Віктар, вучань 8 “Б” класа
Для сябе разумею, што ў час урокаў настаўніку неабходна спасцігаць новы матэрыял разам з вучнямі, “думаць” на іх вачах, прыбягаць да іх падказак, прасіць іх дапамогі.
Нашым пастаянным клопатам павінны быць разнастайныя па структуры ўрокі. Абавязкова трэба лічыць увядзенне ў кожны ўрок новага, незвычайнага, што будзіць у вучняў цікавасць да навукі, вучыць творча падыходзіць да любой, нават самай абыдзенай справы.
(Інтэрпрэтацыя Мохаравай Юліі, вучаніцы 8 “Б” класа)
Мы пачынаем наш урок… Сёння мы перанясемся ў казачную краіну залатой восені. Адразу, можа, гэтага не адчуеш, не заўважыш. Але часцінка прыроды заўсёды з намі. Восень – гэта ціхая, спакойная, прыгожая, мілая сэрцу пара. Заплюшчыце вочы на імгненне, уявіце, як зялёныя дрэвы набываюць жоўты, аранжавы, чырвоны колеры. Дуне ветрык - і нібы ў рытмічнай мелодыі апускаюцца на зямлю лісты. І вось рознакаляровы дыван разаслаўся пад тваімі нагамі. А ў руках раптоўна апынуўся чырвона-зялёны кляновы лісток. Быццам перад табою наша Радзіма – Беларусь: зялёныя пушчы і дубровы, стужкі рэк і блакітныя азёры і лагодная, як яшчэ цёплае паветра восені, разнастайная, як рознакаляровае лісце, рамантычна-ўзнёслая, як дзве бярозкі, родная мова.
Зусім лёгка ўявіць, што настаўніца роднай мовы і літаратуры , быццам восень. Лісце на дрэвах – гэта веды: новыя словы, знакі прыпынку. Восень зрывае з дрэў па лісточку і павольна апускае на зямлю, так , як і настаўніца, паступова раскрывае нам таямніцы да нязведанага.
Трэба бачыць, якой радасцю свецяцца твары хлопчыкаў і дзяўчынак, калі яны прысутнічаюць на нараджэнні верша ці апавядання. Так, напрыклад, зусім нядаўна на ўроку ў нас з’явілася калектыўная замалёўка.
Развітанне
Залатая пара года. Восень нам уяўляецца жанчынай у жоўтай спадніцы. Яна, дзе ступае, там лісток ападае. Яна кіруе лістападам, ходзіць лясамі, пералескамі. Зямлю ўсыпае залатой лістотай, быццам дываном. Ах, якія прыгожыя лісты розных дрэў! Жоўтыя, чырвоныя... Яны то ўзлятаюць у паветра, то ападаюць на зямлю, то струменяцца, нібы кажуць:
-Бывай, галінка! Вясною зноў сустрэнемся...
І хоць гэта замалёўка не надта дасканалая, але ў дзяцей выклікала і гордасць, і радасць, і жаданне. І з’явіўся вучнёўскі асенні “вернісаж”:
Вось і наступіла залатая асенняя пара. Час, калі дзеці ідуць у школу, калі лісты кружацца ў казачным карагодзе; пара, калі сонца яшчэ сагравае нас сваім цяплом. Відаць, самае галоўнае ў восені – гэта яе фарбы. Усе магчымыя цёплыя адценні зліваюцца ў гэтым выдатным пейзажы. Ты нібы трапляеш у казку. Але, на жаль, многія не любяць восень. Відаць, з-за надвор’я. Але хто сказаў што надвор’е бывае дрэннае? Камусьці і праліўны дожджык па душы! Я лічу, што гэтую пару года павінен любіць кожны.
Караткевіч Алег, вучань 8 “Б” класа
Надышла восень. Сонца грэе яшчэ амаль па-летняму, імкнучыся аддаць апошняе нерастрачанае цяпло. У блакітным і чыстым небе яшчэ амаль няма хмар. Толькі вецер стаў больш халодным, нагадваючы пра тое, што на двары ўжо верасень месяц. Сярод яркай зеляніны ўжо прыкметныя першыя прадвеснікі восені: жоўтае і чырвонае лісце. Хутка яно ападзе з дрэў і ўкрые сабою ўсе дарогі і сцежкі.
Прырода апранаецца ў яркія восеньскія фарбы, імкнучыся пакрасавацца перад прыходам сцюдзёна-белай зімы. Гэта падобна на развітальны карнавал, дзе залатая восень імкнецца паказаць усю сваю прыгажосць. Але перш чым канчаткова пахаладае і знікнуць яркія фарбы, будзе яшчэ магчымасць парадавацца апошняму прывітанню: бабінаму лету. Гэтая мяжа паміж летам і восенню па-асабліваму яркая і прыкметная. Яна быццам увабрала ў сябе найбольш яркія і цёплыя фарбы.
Угэты час можна атрымаць асалоду ад апошняга цяпла і пад прамянямі ўсё яшчэ цёплага сонейка марыць аб гарачым леце.
Прыступа Вольга, вучаніца 8 “Б” класа
Восень- адна з найпрагажэйшых пор года. Яна , нібы чараўніца, перамяшала розныя фарбы і ўпрыгожыла траву, лісце на дрэвах. Колькі разнастайных адценняў колераў! Трава засыпана дываном з лісця клёнаў, яблынь, дуба. Тут і чырвона-жоўтае, аранжава-карычневае, бурштынава-залацістае адзенне. Толькі таленавіты мастак мог стварыць такую палітру. Сваё захапленне восенню людзі шмат разоў выказвалі мовай мастацтва. Восені прысвяцілі свае творы музыканты, пісьменнікі, мастакі, бо прырода- самая старажытная і магутная крыніца цудоўнага.
Я таксама люблю восень , асабліва цёплую, сонечную, якую завуць”бабіным летам”. Неба ў гэты час празрыстае, сіняе. А дрэвы якія прыгожыя, апранутыя ў святочнае адзенне!
Юрчанка Дзмітрый, вучань 8 “Б” класа
Восень – гэта дзіўная пара года. Самая першая прыкмета восені – гэта птушкі, якія адлятаюць ад нас на цэлую зіму ў вырай. Ад першага марозу жаўцее лісце на дрэвах. Усё навокал пакрыта рознакаляровым дываном. Цяпер не пазнаць наш лес. Ён апрануў сваё самае прыгожае адзенне. Аранжавы, чырвоны, жоўты, зялёны – традыцыйныя колеры восені. Аранжава-чырвоныя клёны нагадваюць заход сонца. Жар-птушка рабіна апранула чырвоныя завушніцы. Яны гараць на галінках, нібы полымя. Нібы ў хаце цёплая печ, яны грэюць нас у марозную асеннюю раніцу. А пад рознакаляровым адзеннем восені схаваліся грыбы. Кліча восень: “Ідзі, збірай, грыбочкі!”
Сотнікава Ірына, вучаніца 8 “Б” класа