Пачатак "Зорнага паходу"
Колькі выпрабаванняў выпала на долю нашай Зямлі, калі пачаў гаспадарыць чалавек? І сёння, нягледзячы на ўсё, што перажыў гаспадар Зямлі, ён пакідае смецце, ад якога планета ўжо не вымые свой твар, палівае яе кроўю, якая пасля Другой сусветнай вайны пацякла ў нетрах замест рэк.
Так… Другая сусветная вайна была самым цяжкім выпрабаваннем не толькі для Зямлі, але і для яе народа. Асабліва Беларусь перафарбавалася з зялёнага і блакітнага колеру ў чысты чырвоны, прыкрыты бедным адзеннем слёз.
Мужна змагаліся нашы продкі за нашу свабоду і за свабоду зямлі: яны перамаглі ворага. Але вялікі кошт нагадвае пра сябе нават зараз. Людзі гінулі не толькі змагаючыся. Іншым нават не давялося ўзяць зброю і пастаяць за сябе. Менавіта такім прысвячаецца…
Мы, вучні 10 ”Б” класа, ішлі сонечнай раніцай за горад. Там знаходзяцца помнікі Лысай гары. Адзін злева, другі справа. Чаму? Злева з жыццём рассталіся прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва, якія па плане “Ост” не мелі права на жыццё. Справа – усе астатнія. Яны былі расстраляны.
Сёння мы прыйшлі аддаць даніну памяці. Такія раны незагойныя. Але пакуль яны ёсць, чалавек не асмеліцца зноў зрабіць такое. Мы даглядалі помнік, учытваючыся ў надпісы на плітах...
Не засталося ніводнага лісточка, паперкі, галіначкі на помніку. Быццам пастаўлены толькі ўчора. Вось як зараз бачым: стаяць людзі ў чорным адзенні, і нехта з іх чытае імёны на камянях. Аднаму 84 гады, другому 56, 24, 15, 4, 1 год… Не шкадавалі нікога. І нехта чытае і чытае… Калі спыніцца? Ніколі…
Мы – маладое пакаленне. І мы клянёмся не забываць пра подзвіг нашых дзядоў. Клянёмся цаніць тое, што яны нам падаравалі. Клянёмся заплаціць любым коштам, каб зберагчы гэта! Клянёмся!Клянёмся!Клянёмся!